ТЭА́ТР Ю́НАГА ГЛЕДАЧА́ БССР імя Н.​К.​Крупскай.

Існаваў у 1931—41 у Мінску. У 1939 прысвоена імя Крупскай. Створаны пры Доме камсамола з удзельнікаў маст. самадзейнасці. Арганізатар і маст. кіраўнік М.​Кавязін, маст. кіраўнікі: Е.​Міровіч (з 1937), М.​Сухараў (з 1940), М.​Зораў (1941). Напачатку т-р карыстаўся рэпертуарам дзіцячых т-раў Масквы і Ленінграда, маст.-пед. прынцыпы якіх былі пакладзены ў аснову яго дзейнасці. Ставіліся пераважна тагачасныя п’есы: «Наш» М.​Знык, «Вінтоўка № 492116» А.​Крона, «Дружына» А.​Бруштэйн, франц. фарс 15 ст. «Адвакат Патлен». У 1936 пастаўлены бел. п’есы «Мікола Гоман» В.​Сташэўскага, «Ная» М.​Зарэцкага. У 1937 т-р рэарганізаваны, яго ўзначаліў Міровіч. Трупа папоўнілася выпускнікамі Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе, акцёрамі з расфарміраваных т-раў: Бел. т-ра рабочай моладзі, Польскага вандроўнага т-ра БССР і інш. У ліку першых створаны героіка-рамант. спектакль «Як гартавалася сталь» паводле М.​Астроўскага. З лепшых пастановак: «Ноч у верасні» І.​Чэкіна, «Блакітнае і ружовае» Бруштэйн, казкі «Снежная каралева» Я.​Шварца, створаная на бел. фальклоры «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (адзначана на Усесаюзным аглядзе т-раў для дзяцей у Маскве, 1940), класічныя «Даходнае месца» А.​Астроўскага, «Хітрыкі Скапэна» Мальера. Т-р спыніў дзейнасць з пачаткам Вял. Айч. вайны. Музыку да спектакляў пісалі бел. кампазітары П.​Падкавыраў, Я.​Цікоцкі, Дз.​Лукас, А.​Багатыроў, М.​Шчаглоў; сцэнаграфія — мастакі Ц.​Кіпніс, К.​Елісееў, А.​Марыкс і інш. Сярод акцёраў: П.​Басінкевіч, С.​Болітар, В.​Брайчэўская, Ю.​Гальперына, С.​Гурыч, З.​Зяленка, В.​Ігнацьеў, М.​Кавязіна, А.​Кашына, З.​Курдзянок, Г.​Лаўроў, П.​Масцераў, А.​Матусевіч, В.​Окалаў, А.​Ротар, З.​Стома, У.​Стэльмах, Л.​Фрыдман, Л.​Цімафеева, М.​Цурбакоў, В.​Чамялоў, А.​Якуцік; некат. час працавалі З.​Браварская, М.​Фрадкін (кампазітар), рэжысёр Ю.​Палічынецкі. Ставілі спектаклі М.​Маршак, Р.​Сусловіч, В.​Меяроўскі.

Літ.:

Тэатр юнага гледача БССР імені Н.​К.​Крупскай. Мн., 1940;

Пятровіч С.А. Дзіцячы тэатр БССР (1931—1941 гг.). Мн., 1983;

Нефед В.И. Николай Ковязин: Жизнь и творчество. Мн., 1990.

Дз.​У.​Стэльмах.

Тэатр юнага гледача БССР. Сцэна са спектакля «Адвакат Патлен».
Тэатр юнага гледача БССР. Сцэна са спектакля «Цудоўная дудка» В.​Вольскага.

т. 16, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)